• Увеличить размер шрифта
  • Размер шрифта по умолчанию
  • Уменьшить размер шрифта
.
.
Суббота, 30 Августа 2025 00:00

БЯЛАРУЧЫ: ХРАМ УСПЕННЯ ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗiЦЫ

Святую веру продкаў, свой род, культуру і Айчыну шануй і беражы! Анатоль Статкевіч-Чабаганаў.

Працягласць маршрута: Мінск – Бяларучы па дарогах (МКАД/М9; Р58 і Н8755) прыкладна 30 км.

Асноўны аб’ект на маршруце: храм Успення Прасвятой Багародзіцы, вул. Цэнтральная, 2-А, вёска Бяларучы, Лагойскі раён, Мінская вобласць.

Транспарт: аўтамабіль.

Прыкладны час у дарозе: 35 хвілін.

З ГІСТОРЫІ ВЁСКІ БЯЛАРУЧЫ

Бяларучы – вёска ў Лагойскім раёне Мінскай вобласці. Знаходзіцца на рацэ Вяча, прытоку ракі Свіслач, за 25 кіламетраў на поўнач ад Мінска, непадалёку ад трасы Р58 Мінск-Мядзель.

На думку вучоных, тапонім Бяларучы паходзіць ад назвы Белы ручай. Хутчэй за ўсё гэта звязана з мясцовай крыніцай, што знаходзіцца за паўкіламетра ад вёскі каля падножжа Салаўінай гары. Крынічная вада, утвараючы белую пену, сцякае ў ручайкі, што імкліва збягаюць па каменьчыках і трапляюць у Вячу.

62

Вёска Бяларучы Лагойскага раёна.

Бяларучы даволі старажытная вёска. У свой час яна ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расійскай імперыі.

У цэнтры вёскі знаходзіцца гарадзішча ранняга жалезнага веку –прамавугольная пляцоўка памерам 63 на 30 метраў, пашкоджаная траншэямі Вялікай Айчыннай вайны. Гарадзішча вядомае з канца ХІХ стагоддзя. Тут праводзіліся раскопкі ў 1897, 1964 і ў 1979 гадах.

У траншэях і шурфах знойдзена кераміка эпохі Кіеўскай Русі. Матэрыялы даследаванняў захоўваюцца ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі.

На паўднёва-ўсходняй ускраіне Бяларучаў – курганны могільнік з 23 насыпаў.

Упершыню ў пісьмовых крыніцах маёнтак Бяларучы згадваецца ў 1551 і 1567 гадах падчас перапісу арміі ВКЛ.

У XVI стагоддзі вёска ўваходзіла ў Мінскі павет Мінскага ваяводства ВКЛ. У 1582 годзе паселішча пазначана як двор Бяларуцкі, што з’яўляецца ўласнасцю Каленіцкай-Тышкевіч, княгіні Саламарэцкай.

На пачатку XVIІ стагоддзя Бяларучы належалі Друцкай-Горскай. У 1630 годзе фальваркам валодалі дваране Кірсуны.

Пасля Другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Бяларучы апынуліся ў складзе Расійскай імперыі. Маёнтак належаў Аборскім. На той час у вёсцы налічвалася 14 двароў са 153 жыхарамі, існаваў вадзяны млын. Пры маёнтку дзейнічала драўляная ўніяцкая царква.

У 1816 годзе маёнтак Бяларучы належаў мінскаму крайчаму памешчыку Фаме Францаву Аборскаму, які меў 29 сялян і 5 дваравых.

У адпаведнасці з перапісам 1861 года, у мястэчку налічвалася 15 двароў і 139 жыхароў.

У 1870 годзе вёска з’яўлялася ўласнасцю памешчыцы Лапушынскай і была цэнтрам Бяларуцкай воласці.

З 1886 года Бяларучы – цэнтр Бяларуцкай воласці ў Мінскім павеце Мінскай губерні. Тут размяшчалася валасное ўпраўленне, царкоўна-прыходская школа, невялікі магазін.

У 1897 годзе ў мястэчку Бяларучы было ўжо 34 двары на 186 жыхароў і маёнтак (34 жыхары).

На пачатку ХХ стагоддзя вёска Бяларучы стала цэнтрам сельскай грамады. У 1909 годзе тут адкрыта двухкласнае народнае вучылішча (да гэтага дзейнічала аднакласнае), для якога пабудавалі нават уласнае памяшканне.

Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі мястэчка, дзе ўжо налічвалася 62 двары з 332 жыхарамі і маёнтак (1 двор і 47 жыхароў), з лютага па снежань 1918 года трапіла пад акупацыю войскаў кайзераўскай Германіі, а затым было акупавана войскамі Польшчы (са жніўня 1919-га па ліпень 1920 года).

У складзе БССР мястэчка знаходзілася з 1919 года. Тут адкрыта 7-гадовая школа, дзе навучаліся дзеці з навакольных вёсак і якіх да 1924 года налічвалася ўжо 568 чалавек.

У жніўні 1924 года і да ліпеня 1930 года вёска Бяларучы з’яўлялася цэнтрам сельскага савета Астрашыцка-Гарадоцкага раёна Мінскай акругі. У 1930 годзе арганізаваны калгас “Іскра”, працавала кузня, вадзяны млын.

Са студзеня 1931 года вёска Бяларучы адносіцца да Лагойскага раёна, а з лютага 1938 года ўваходзіць у Мінскую вобласць.

63

Помнікі ў Бяларучах загінулым падчас Вялікай Айчыннай вайны героям.

У час Вялікай Айчыннай вайны Бяларучы былі акупаваны фашыстамі. У ліпені 1942 года немцы спалілі вёску (69 двароў) і забілі яе 13 жыхароў, а 24 вывезлі ў Германію. Разам з хатамі вяскоўцаў згарэў і бяларуцкі храм.

Жыхары Бяларучаў мужна змагаліся з фашыстамі. На жаль, 23 вяскоўцы загінулі ў час вайны, з іх 19 – на фронце і 4 – у партызанах. У наваколлі дзейнічалі Астрашыцка-Гарадоцкае патрыятычнае падполле, партызанскія атрады “Дзіма”, “Дзядзя Коля”, “За Бацькаўшчыну” і іншыя.

Падчас баёў за вызваленне Бяларучаў загінулі 2 савецкія воіны.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны вёска была адноўлена. У 1969 годзе там існавала 54 двары і 196 жыхароў. У 2010 годзе ў Бяларучах налічвалася 39 гаспадарак і 87 жыхароў.

Сёння галоўнай славутасцю Бяларучаў з’яўляецца праваслаўная Успенская царква. Цагляны храм з незвычайнымі фасадамі пабудаваны ў пачатку ХХІ стагоддзя ў эклектычным стылі. Размешчаны на невялікім пагорку ў маляўнічай мясціне.

64

Храм Успення Прасвятой Багародзіцы. ХХІ ст.

Асноўны аб’ект на маршруце.

ХРАМ УСПЕННЯ ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ

Дакладны час будаўніцтва Успенскай царквы невядомы. У царкоўным архіве захоўваліся кнігі з 1835 года. Вядома, што ў Бяларучах у 1800 годзе пры маёнтку мінскага крайчага Фамы Аборскага існавала драўляная ўніяцкая Свята-Багародзіцкая царква.

Існуе меркаванне, што царква ў Бяларучах заснавана ў 1520 годзе панамі Макарыем і Іванам Іванцушэвічамі. Ад іх, у адпаведнасці з фундушам, бяларуцкія святары і іх пераемнікі атрымалі тры валокі зямлі.

З часам драўляны храм састарэў. Крайчы Мінскага ваяводства пан Францыск Аборскі прадаставіў грошы і будаўнічыя матэрыялы і прыкладна ў 1773 годзе на месцы старой царквы пабудавалі новую.

У 1789 годзе святар Бяларуцкага храма на ўласныя грошы арганізаваў багадзельню для немаёмных прыхаджан, але ў 1791 годзе ўрад Рэчы Паспалітай забраў гэты будынак у казну. У пачатку ХІХ стагоддзя на тым жа месцы багадзельня была адкрыта мясцовым панам на яго ўласныя сродкі.

Захаваліся даныя на 1879 год як выглядаў будынак драўлянага Успенскага храма на той час. Царква была халодная, у аснове і сценах мела форму прадаўгаватага крыжа, з двума глухімі купаламі. Уваходныя дзверы адны. Вокны ў разных ліштвах размяшчаліся ў адзін рад, кратаў на іх не было. Падлога і столь драўляныя. Дах будынка патрабаваў капітальнага рамонту.

Іканастас складаўся з сямі абразоў, што размяшчаліся ў два ярусы.

65

Бяларуцкая царква Успення Прасвятой Багародзіцы (XVIII – XIX стагоддзі). Здымак да 1910 года.

Выгляд бяларуцкай Успенскай царквы можна ўявіць дзякуючы фотаздымку фатографа-краязнаўца Яна Балзункевіча, які на працягу 1905 – 1914 гадоў здымаў хрысціянскія храмы Беларусі.

Свята-Успенскі храм – твор драўлянага дойлідства. Царква накрыта двухсхільным гонтавым дахам з вальмамі над апсідай. Па цэнтры даху – цыбулепадобная галоўка на гранёным барабане. Фасады ашаляваныя вертыкальна.

Асноўная частка бяларуцкай Успенскай царквы падобная да простых вясковых уніяцкіх цэркваў XVII – XVIII стагоддзяў, дзе меўся толькі адзін зруб малітоўнай залы. Магчыма, храм у Бяларучах таксама пабудаваны ў той час.

Існуе меркаванне, што бабінец з 1-яруснай чатырохграннай званіцай, што завяршаецца спічастым шатром з макаўкай, прыбудавалі да малітоўнай залы ў сярэдзіне XIX стагоддзя, пасля скасавання ўніяцтва. Такім чынам Свята-Успенская царква набыла характэрную для праваслаўных храмаў трохчасткавую кампазіцыю.

Званіца на чатыры званы (на 3 і 5 пудоў, на 35 і 22 фунты) уладкавана ў франтоннай частцы царквы.

Ад вясковай забудовы Свята-Успенскі храм аддзяляўся простай агароджай з бярвенняў.

У царкоўным архіве знаходзяцца метрычныя кнігі з 1835 года і спавядальныя спісы прыхаджан з 1846 года.

Прычт складаўся са святара і псаломшчыка.

У склад Бяларуцкага прыхода ўваходзіла 20 вёсак: Алекшычы, Жукаўка, Лясіны, Мацкі, Мачаны, Малыя і Вялікія Гаяны, Лекараўка, Лысая гара, Сухая гара, Палеткі, Салаўіха, Тукалаўка, Баршчэўнік, Закрынічча, Ставішча, Прысёлкі, Пунішча, Мярковічы і Навасады.

Усіх прыхаджан было 848 мужчынскага полу і 840 душ жаночага. Насельніцтва займалася земляробствам. Нязначная яго частка, выключна яўрэі, займаліся гандлем і саматужнымі промысламі.

Да прыхода адносілася пяць прыпісных храмаў: могілкавая царква Усячэння галавы св. Іаана Хрысціцеля, царква Раства Багародзіцы ў Гаянах, Свята-Троіцкая ў Мацках, царква Іаана Прадцечы ў Мачанах, царква святых Пятра і Паўла ў Жукаўцы.

У 1868 годзе настаяцелем храма стаў Іаан Бараноўскі, які служыў тут святаром да 1889 года. На пасадзе псаломшчыка з 1866 года значыўся Мікалай Гарачка. Вядома, што царкоўнага даходу на працягу года паступала каля 80 рублёў.

Пры храме існавала царкоўна-прыходскае папячыцельства і Бяларуцкае народнае вучылішча, адкрытае ў 1870 годзе.

Складалася памяшканне з чатырох пакояў і трох пакояў-кватэраў. У вучылішчы навучаліся толькі хлопчыкі. Выкладалі тут Закон Божы, арыфметыку, чытанне,чыстапісанне і спевы. Навучанне здзяйснялася толькі на рускай мове. У канцы ХІХ стагоддзя ў вучылішчы налічвалася ўжо 39 хлопчыкаў.

Менавіта тут з восені 1897 года да вясны 1898-га вучыўся знакаміты беларускі паэт Янка Купала, на той час пятнаццацігадовы хлапчук. Дарэчы, жыў Янка Луцэвіч у інтэрнаце, што размяшчаўся ў звычайным вясковым доме непадалёку ад школы.

У 1972 годзе на будынку школы ўсталявана мемарыяльная дошка, а ў 1998-м адкрыта новая экспазіцыя музея “Янка Купала ў Бяларучах”, прымеркаваная да 100-годдзя з дня заканчэння Янкам Купалам Бяларуцкай школы.

У савецкія часы Свята-Успенскую царкву закрылі, а пасля, у перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі, на вялікі жаль, святыня згарэла разам з вясковымі хатамі…

Ішлі гады. Вернікі не пакідалі надзею зноў убачыць храм у Бяларучах.

66

Адноўлены Свята-Успенскі храм. ХХІ ст.

4 кастрычніка 2000 года Высокапраасвяшчэннейшы мітрапаліт Філарэт благаславіў аднаўленне храма ў Бяларучах.

23 сакавіка 2001 года было выдадзена пасведчанне аб рэгістрацыі зямельнага надзела пад будаўніцтва царквы ў Бяларучах.

Святаром прызначылі протаіерэя Вячаслава Юхновіча, які шмат намаганняў прыклаў для ўзвядзення новага мураванага храма.

Амаль дзесяць гадоў доўжылася будаўніцтва святыні ў Бяларучах. Новы Свята-Успенскі храм пабудаваны з чырвонай цэглы па праекце архітэктара Г.І.Чырвана.

У 2009 годзе ў Лагойскім раённым выканаўчым камітэце быў прыняты акт аб увядзенні аб’екта ў эксплуатацыю.

7 сакавіка 2010 года новы храм Успення Прасвятой Багародзіцы ў Бяларучах асвечаны Высокапраасвяшчэннейшым уладыкам Філарэтам.

З той пары адноўлены храм у Бяларучах наведваюць не толькі прыхаджане і вернікі з навакольных вёсак. Сюды прыязджаюць паломнікі і турысты з многіх гарадоў і мясцін Беларусі.

4 верасня 2021 года, напярэдадні Нядзелі 11-й па Пяцідзясятніцы, аддання свята Успення Прасвятой Багародзіцы, усяночную службу ў бяларуцкім храме Успення Прасвятой Багародзіцы ўзначаліў мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Перад пачаткам вячэрняй службы адбыўся чын асвячэння званоў для званіцы, якая будавалася пры храме. Затым Высокапраасвяшчэннейшы ўладыка Веніямін звярнуўся да вернікаў з архіпастырскім словам.

67

Падчас асвячэння званоў для званіцы храма Успення Прасвятой Багародзіцы ў Бяларучах. 4 верасня 2021 г.

Першым настаяцелем адноўленага храма ў Бяларучах з 2001 года па 2022 год служыў святар Вячаслаў Юхновіч. Менавіта яго рупліваю працаю было скончана будаўніцтва храма ў 2010 годзе.

За шчырае служэнне Святой Царкве святар Вячаслаў Юхновіч у 2010 годзе ўзнагароджаны многімі богаслужбовымі ўзнагародамі і ўганараваны санам протаіерэя.

З 2016 года протаіерэй Вячаслаў Юхновіч нёс паслушэнства старшага духаўніка Барысаўскай епархіі.

На вялікі жаль, у лістападзе 2022 года айцец Вячаслаў адышоў да Госпада, пакінуўшы добрую памяць пра сябе ў сэрцах прыхаджан і святароў епархіі.

68

Памятная дошка на сцяне Свята-Успенскага храма.

17 лістапада 2024 года, у Нядзелю 21-ю па Пяцідзясятніцы, епіскап Барысаўскі і Мар’інагорскі Амвросій узначаліў Божую літургію ў храме Успення Прасвятой Багародзіцы ў Бяларучах. Яго Праасвяшчэнству саслужылі: сакратар Барысаўскага епархіяльнага ўпраўлення протаіерэй Сяргей Башкіраў, благачынны Лагойскай царкоўнай акругі протаіерэй Аляксандр Зімніцкі, настаяцель храма ў гонар святога Архангела Міхаіла вёскі Дзяхань Смалявіцкага раёна іерэй Іаан Гуд, настаяцель бяларуцкага храма Успення Прасвятой Багародзіцы іерэй Андрэй Тараеў.

На завяршэнне Літургіі здзейснена памінальнае набажэнства па духаўніку Барысаўскай епархіі і настаяцелю Свята-Успенскага храма протаіерэю Вячаславу Юхновічу.

69

Падчас Божай літургіі ў храме Успення Прасвятой Багародзіцы. 17 лістапада 2024 г.

Сёлета, у юбілейны год Вялікай Перамогі, настаяцель прыхода храма Успення Прасвятой Багародзіцы іерэй Андрэй Тараеў і бяларуцкія вернікі аддалі даніну памяці загінулым у час Вялікай Айчыннай вайны землякам.

Покліч сэрца прывёў сюды як дарослых, так і дзяцей. Пасля паніхіды, якую адслужыў айцец Андрэй па загінулых воінах і вяскоўцах, удзячныя нашчадкі ўсклалі кветкі да помнікаў герояў.

Штогод 28 жніўня праваслаўныя адзначаюць Успенне Прасвятой Багародзіцы. Свята называюць таксама Прачыстай, а яшчэ ў народзе ў гэты час вітаюць надыход трэцяга Спаса, арэхавага.

70

Храмавы абраз Успення Прасвятой Багародзіцы.

Свята Успення Багародзіцы – прастольнае для храма ў Бяларучах. Адчуць яго радасць вернікі могуць яшчэ напярэдадні, у час вячэрняй службы, а таксама шчыра прыняць сэрцам словы, сказаныя некалі Божай Маці вучням Госпада: “Радуйцеся! Я з вамі ва ўсе дні і заўсёды буду вашай малітвенніцай перад Богам”.

Падрыхтоўка матэрыялу і пераклад на беларускую мову для сайта oroik.by Зоі ПАДЛІПСКАЙ.

Літаратура

Гарады і вёскі Беларусі: энцыклапедыя. Т.8. Мінская вобласць. Кн.3 / Рэдкал.: Т.У. Бялова (дырэктар) [і інш.]. – Мінск: БелЭн, 2012. – 624 с.

Крыніцы

www.logoisk-church.by

За сохранение жизни и семейных ценностей

Рекомендуем посетить

Официальный портал Белорусской Православной Церкви Официальный сайт Русской Православной Церкви
Православие.Ru Церковно-Научный Центр Православная Энциклопедия
Православное христианство.ru. Каталог православных ресурсов сети интернет

.